Раніца 17 ліпеня выдалася сонечнай і лагоднай, нібы сама прырода бласлаўляла працаўнікоў сяла на правядзенне старажытнага вясковага абраду – Зажынак. Як і стагоддзі назад, у ім адлюстроўваецца глыбокая павага да поля і хлеба, да цяжкай сялянскай працы.“Якія зажынкі, такія і дажынкі”, — кажуць у народзе. І калі верыць гэтай формуле, — спадзявацца нам ёсць на што. Зажынкі ў гаспадарках нашага раёна прайшлі прыгожа і ў адпаведнасці з даўнім сялянскім “рэцэптам”. Пасля падзей мінулай серады можна з упэўненасцю гаварыць, што Расоншчына ўступіла ў жніво 2013 года.
… Зажынкі ў сельгаспрадпрыемстве “Сяляўшчына” распачаў ужо “штатны” мясцовы зажынальнік – фальклорны калектыў “Спадчына” Сяляўшчынскага сельскага Дома культуры. Жанчыны ў нацыянальных касцюмах добрымі словамі, што гучалі ў адрас хлебаробаў, ды звонкай песняй падарылі ўсім прысутным святочны настрой. Безумоўна, не абышлося і без сімвалічнага караваю, які на ручніку ўдзельніцы калектыву ўручылі дырэктару гаспадаркі Івану Іванавічу Стрыжнёву ( на здымку).
Потым прыйшоў час афіцыйнай часткі. Перад механізатарамі акрамя кіраўніка сельгаспрадпрыемства выступілі галоўны аграном Барыс Генадзьевіч Іваноў, галоўны інжынер Міхаіл Анатольевіч Голубеў і галоўны эканаміст Наталля Анатольеўна Папова. Кожны па сваім накірунку расказаў пра падрыхтоўку і правядзенне жніва 2013 года. Так, сёлета сяляўшчынскім хлебаробам з мінімальнымі стратамі і ў аптымальныя тэрміны неабходна ўбраць 1510 гектараў збожжавых і зернебабовых культур. Уборачная кампанія распачнецца на плошчах, засеяных шматгадовымі травамі і азімым рапсам. За гэты час падыйдуць азімыя збожжавыя культуры. Пакуль што ў гаспадарцы яшчэ працягваецца рамонт збожжаўборачнай тэхнікі, на завяршэнне якога ў гэтыя дні будуць накіраваны сілы інжынернай службы і механізатараў. Ёсць пэўныя праблемы і па ўкамплектаванні камбайнаў хлебаробамі, але яны будуць вырашаны. Акрамя таго, механізатары даведаліся пра сістэму аплаты іх працы, пры якіх умовах яны змогуць павысіць свой заробак, а пры якіх – панізіць.
Сабраўшыхся павіншавалі са святам Зажынак, а таксама пажадалі выдатнага надвор’я і баявога настрою, першы намеснік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама па раслінаводстве Ларыса Міхайлаўна Мацкевіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Яўгенаўна Лузгінова.
… Днямі з мехдвара сельгаспрадпрыемства выйдуць камбайны, тым самым распачаўшы на сяляўшчынскіх палетках чарговую ўборачную кампанію.