Жыхарка райцэнтра Алена Канстанцінаўна Марозава сама патэлефанавала ў рэдакцыю раённай газеты, каб расказаць пра дзіўны і незвычайны гатунак бульбы, які, можна сказаць, выпадковымі шляхамі трапіў у яе рукі з-за мяжы, а калі канкрэтна, з сонечнай Каліфорніі, што ў ЗША, ужо больш года назад. Адпаведная ў яго і назва – “Рускі банан”, бо па форме ён сапраўды падобны да вядомага ўсім заморскага фрукта.Чаму жанчына не падзялілася навіной пра гэта раней? Справа ў тым, што спачатку ў яе мелася толькі чатыры невялікія клубні, якія прывезла яе дачка Кацярына, а да той яны трапілі ад сяброўкі, муж яе з’яўляецца капітанам далёкага плавання. Спярша нават не ведалі, што гэта за бульба такая. Дапамог Інтэрнэт, праўда, у рускай яго версіі звестак было недастаткова: фактычна адзін фотаздымак з рынку цаной у 2 долары 16 цэнтаў за кілаграм гэтага крухмальнага “цуда” і ўсё. Крыху больш даў амерыканскі варыянт глабальнага сеціва (пераклад наш. – Аўт.): “Бульба “Рускі банан” была выведзена ў Балтыйскім рэгіёне Еўразіі і заяўлена як выдатна падыходзячая для салатаў; гэта – фаварыт на рынку сярод шэф-повараў і гурманаў. Жоўты, у форме банана, васковы тып клубняў з цвёрдай тэкстурай, што мае цудоўны смак пры запяканні, варцы і гатаванні на пару”.
Карацей, гэтыя клубні фермеры Марозавы адразу ж пасадзілі, атрымалі невялікі ўраджай, зноў пасадзілі і вось сёлета ўжо накапалі 12 вёдраў. Аднак асноўныя разлікі ўсё роўна на наступны год, калі, нарэшце, можна будзе падумаць, каб прадаць нейкую колькасць “Рускага банана” людзям – у тым выпадку, што нехта праявіць цікавасць. Да слова, у апошнім я не сумняваюся.
І ўсё таму, што ў гэтай бульбы ёсць відавочныя вартасці, пра якія расказала Алена Канстанцінаўна. Па-першае, яна зусім не баіцца фітафторы, што пацвердзілася ўжо гэтым годам, ды і каларадскі жук яе практычна не чапае. Па-другое, высокая ўраджайнасць: з-пад аднаго куста было атрымана ў сярэднім 30 немаленькіх па памерах клубняў. Па-трэцяе, “Рускі банан” гатуецца, калі яго варыць, усяго за 5 – 7 хвілін. Гэта нават хутчэй за іншыя макароны!
Між іншым, Алена Марозава дагэтуль паспела ўжо ацаніць некаторыя айчынныя гатункі бульбы (“Журавінку”, напрыклад), але ідэальнага сярод іх для нашых умоў так і не адшукалася. Сцябло і лісце звычайнай бульбы хутка “з’ядае” фітафтора, а варыць яе ўвогуле трэба паўгадзіны. “Рускі банан” пазбаўлены падобных мінусаў і мог бы нават падысці для вырошчвання на землях сельгаспрадпрыемстваў раёна – па крайняй меры, менавіта гэтак лічыць жанчына.