Як было ўсё запланавана, так і праведзена – своечасова. З 10 гадзін раніцы на гандлёвай плошчы размясціліся палаткі, пах шашлыку і звонкія песні разнесліся па наваколлі. Загудзеў кірмаш!
... Паглядзець было на што, ды так, што вочы разбягаліся.
Удзельнікі кірмашу з Янкавіцкага, Галоўчыцкага, Краснапольскага, Гарбачэўскага, Галубоўскага, Заборскага, Дварышчанскага, Бірузоўскага, Сяляўшчынскага, Сакалішчанскага, Клясціцкага і Кавалёўскага сельскіх Дамоў культуры з уласцівай нашым людзям гасціннасцю сустракалі наведвальнікаў, нахвальвалі сваю прадукцыю, частавалі, чым багаты, – саленнямі-варэннямі, рыбай, блінамі, дранікамі, пірагамі з начынкамі, грыбочкамі, яблыкамі.
Сысці з кірмашу з пустымі рукамі было немагчыма. Тут тавар на любы густ – ад каўбас, сыру, мёду, садавіны, гародніны да саджанцаў, сувеніраў.
Каля гандлёвых машын час ад часу з’яўляюцца чэргі: адны запасаюцца на зіму бульбай, іншыя – морквай ды капустай.
Кожнае сельгаспрадпрыемства гандлюе мясам, аднак чарга выстраілася хіба толькі каля гандлёвай кропкі “Дворышча-Рас”.
Чамусьці у гэты дзень попытам карысталася свініна, і праз паўгадзіны з пачатку продажу яе размялі. Ялавічыну бралі “не з апетытам”: кошт на яе быў вышэй.
Калі свініна па 35-40 тысяч рублёў за кілаграм, ялавічына – ад 45.
Цікава было паглядзець на мучныя вырабы, зробленыя рукамі ўмельцаў Расонскага райпа: каравай у некалькі паверхаў,
упрыгожаны ружамі, марскія ракавінкі ў паўмятровую вышыню, напоўненыя булачкамі, лебедзі і нават
выпечаныя лялькі практычна ў чалавечы рост! Дарэчы, апошнія выклікалі вялікую цікавасць у прахожых, якія паміж сабой шапталіся, колькі б такая прыгажосць магла каштаваць. Праўда, спытаць ніхто не адважыўся.
Шматлікую разнастайную прадукцыю выставіла і Полацкае райпа: акрамя ласункаў і мясных прысмакаў, госці прывезлі і вырабы з лёну. Хоць калекцыя адзення была і летняй, попытам ўсё роўна карысталася.
Пасля шматгадзіннай прагулкі прыемна было папалуднаваць на свежым паветры гарачай поліўкай, шашлыком ці яшчэ чым-небудзь смачным у гандлёвых палатках са столікамі і лаўкамі, дзе месцы то займаліся, то вызваляліся. Нягледзячы на кусачы кошт шашлыку – 90 тысяч рублёў за кілаграм –, смажанае мяска ўсё ж пакрыху разыходзілася.
–Шчыра кажучы, мы разлічвалі прадаць менш, – адзначылі ў адной з палатак
Расонскага райпа. – Аднак людзі не адмаўляюць сабе ў маленькіх радасцях і частуюцца мяскам.
У полацкіх палатках добра “ішлі” ласункі – пірожныя, тарты. А на пытанне “Як сёння ў вас гандаль” дзяўчаты-прадаўцы ўсміхаліся і адказвалі:
– Лепей усіх. Сумаваць няма калі: пакупнікоў багата. Амаль усё, што прывезлі, прадалі.
Што і казаць, народу на кірмашы сабралася безліч, ад мала да вяліка. І простых разявак, і пакупнікоў, якія прыйшлі патаргавацца. Засумаваць на кірмашы не даваў фальклорны калектыў «Крыніца», які забаўляў песнямі. Аматары азартных гульняў паспыталі шчасце ў бяспройгрышнай латарэі.
І ўсё ж кірмаш для расонцаў у першую чаргу стаў не гандлёвым дзействам , а святам, якое адзначалася вельмі шырока і ярка, падзеяй, якую чакалі ўсе жыхары , нават самыя маленькія. Дарэчы, для дзяцей у гэты раз на свяце было сапраўднае раздолле! Мноства атракцыёнаў – арэлі, батут, надзіманыя горкі, у якіх можна было скакаць як захочацца.
Нават на аўтамабілі, хай маленькім, але якраз па памеры, можна было паганяць па плошчы і каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу.
Не кажучы пра продаж разнастайных дробязяў і прысмакаў, такіх прывабных для малых.
Дзеці весяліліся ад душы, бо такія цуды не часта бываюць!
Увогуле, той, хто хацеў, атрымаў добрае ўяўленне пра каларыт, традыцыі мясцовых “Дажынак”, а гэтак жа зарад бадзёрасці і пазітыву. Хтосьці прынёс дадому вязаныя шкарпэткі, каб не мерзнуць у халады, а хтосьці сувеніры на памяць.