Вядома, што кошт на паслугі цырульніка ў наш час дастаткова высокі. А калі ты пенсіянер ці чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, то паход да цырульніка разам з прыемным адчуваннем ад адтрымання новага вобразу выльецца ў добрую капейку для кішэні. Але ў жыхароў райцэнтра гэтай катэгорыі такой праблемы няма: для іх у аддзяленнях дзённага знаходжання Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе свой цырульнік.
Валянціна Сяргееўна Тур’ева – вопытны цырульнік, які ў аддзяленні працуе з сакавіка. Выдатная паэтка і спявачка, яна мае яшчэ адзін талент – добра стрыжэ. Сама – актыўны валанцёр і кіраўнік групы “Святліца” дабрачыннага праекта ГА “Чырвонага Крыжа” пад назвай “Рука ў руцэ”. У сувязі з гэтым праца ў адзяленні ТЦСАН – гэта яшчэ адна добрая справа, якую Валянціна Тур’ева з задавальненнем робіць для пажылых людзей. Дадам, што ў межах праекта «Рука ў руцэ» стрыжка нічога не каштуе!
У ТЦСАН жа стрыжка каштуе болей чым даступна – у сярэднім каля 13,5 тысяч рублёў. Пры гэтым цырульнік працуе кожны дзень: 3 дні да абеда і 2 дні пасля абеда. У Цэнтры сфарміраваны запіс на паслугі цырульніка. Тыя пенсіянеры, якія не маюць магчымасці самастойна прыйсці да спецыяліста, могуць звярнуцца з запытам і цырульнік прыйдзе на дом.
Як адзначае загадчыцца дзённых аддзяленняў для пажылых людзей і інвалідаў ТЦСАН Аліна Аляксееўна Семярня, цырульнік абслугоўвае штодзённа па 4-5 кліентаў, а часам гэта лічба дасягае і 6 чалавек . Пакуль што ўсе кліенты новага цырульніка вельмі задаволены не толькі коштам стрыжкі, але і якасцю работы майстра.