Першы крок у напрамку стварэння святочнага настрою зрабілі гледачы і ўдзельнікі традыцыйнага шэсця Дзядоў Маразоў і Снягурак, якое прайшло па цэнтральнай вуліцы гарадскога пасёлка якраз на Каляды па календары каталіцкай канфесіі. Гэтае дзейства трэба было паглядзець толькі таму, што яно адбываецца адзін раз у год і ў ім прымаюць удзел звыш двух дзясяткаў галоўных персанажаў навагодняга свята. Сёлета расонцы назіралі за 19 тандэмамі, што складаліся з Дзядоў Маразоў і Снягурак, і з адной Снягуркай, якая прыехала з вёскі Галоўчыцы.
А пасля карагодаў вакол елкі вядучая мерапрыемства па чарзе прадстаўляла казачных віноўнікаў урачыстасці, якія віталі гледачоў і праводзілі з імі жартоўныя спаборніцтвы і гульні. У каго атрымоўвалася лепш пазабавіць гасцей, той, у адпаведнасці з рашэннем членаў журы, стаў лепшым з лепшых. Так, самымі актыўнымі і вясёлымі былі прызнаны Дзед Мароз і Снягурка з Расонскага Цэнтра дзяцей і моладзі.
Другую прыступку навагодняга п’едыстала заваявалі казачныя персанажы з райспажыўтаварыства, трэцяй стала Снягурка з Галоўчыцкага сельскага Дома культуры. Акрамя таго, прызам сімпатый гледачоў адзначаны чараўнік з мяхом падарункаў, які прадстаўляў раённы Дом культуры.
Гэтае мерапрыемства стала адзіным у шэрагу навагодніх прадстаўленняў, дзе не Дзед Мароз і не Снягурка дарылі падарункі, а іх саміх адзначалі сувенірамі.