16 студзеня ў Альбрэхтаўскім сельскім Савеце адбыўся чарговы Дзень сустрэчы з насельніцтвам. Дзевяць груп, у склад якіх увайшлі кіраўніцтва і начальнікі аддзелаў раённага выканаўчага камітэта, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый райцэнтра наведалі ўсе населеныя пункты сельскага Савета, сустрэліся з людзьмі, каб даведацца што іх турбуе і чым магчыма дапамагчы. У аграгарадку Дворышча, вёсках Альбрэхтава, Бірузова і Горы адбыліся сходы. У астатніх населеных пунктах Савета члены груп наведалі практычна кожны жылы дом.
Падвядзенне вынікаў Дня сустрэчы з насельніцтвам у Бірузоўскім сельскім Доме культуры прайшло на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Генадзем Фёдаравым. Кожнае праблемнае пытанне, якое ўзнімалі вяскоўцы, было прааналізавана і вызначаны службы, што будуць працаваць над яго рашэннем. Так, у жыхароў вёсак Сініцы, Грачушына, Глаты, Ушчалёпкі, Рум, Прудок, Заазер’е і Горы ёсць пэўныя прэтэнзіі да работы вулічнага асвятлення.
Жыхары вёсак Сініцы, Байдзіна, Азярцы і Глаты ўздымалі пытанне нарыхтоўкі дроў. Ёсць перабоі з водазабеспячэннем вёскі Ушчалёпкі, не працуе калонка ў Двор Чарэпіце. Два жыхары вёсак Байдзіна і Парэчча просяць спілаваць старыя дрэвы, якія прадстаўляюць небяспеку для іх дамоў і гаспадарчых пабудоў. Ужо цяпер гаспадары з вёсак Горы, Байдзіна і Парэчча хвалююцца за апрацоўку агародаў і магчымасць набыцця арганічных угнаенняў. Дзве жыхаркі вёсак Глаты і Ізбішча папрасілі мясцовую ўладу дапамагчы ім у рамонце даху і печы. Былі таксама агучаны пытанні наконт аплаты за карыстанне вадой, выезду медыцынскіх работнікаў у вёску Горы, арганізацыі маршруту гарадскога аўтобуса ў выхадныя і святочныя дні.
Пратакол даручэнняў па вырашэнні вышэйпералічаных пытанняў з указаннем канкрэтных тэрмінаў будзе разасланы ў адпаведныя структуры, арганізацыі і прадпрыемствы і знаходзіцца на кантролі ў раённым выканаўчым камітэце да таго часу, пакуль праблемы не будуць вырашаны.
На здымку: члены адной з груп – участковы інспектар міліцыі Дзмітрый Мамойка і галоўны інжынер ДРБУ-109 Леанід Рагачоў – размаўляюць з жыхаркай вёскі Асіннікі Надзеяй Рыгораўнай Дзмітрачэнка.