Ужо які год запар у першую суботу лютага ў Расонскай школе становіцца незвычайна шумна – вясёлы смех і радасныя вітанні, гукі музыкі, што разносяцца па калідорах, залятаюць у кабінеты, напаўняючы атмасферу трапяткім хваляваннем. Менавіта ў гэты дзень былыя вучні прыходзяць у родныя сцены свайго другога дома, на сваё асабістае свята – вечар сустрэчы выпуск- нікоў. Вось і тыдзень таму школа напоўнілася захапленнем, здзіўленнем, нястрымнай радасцю ад сустрэчы старых сяброў. «... Так! Мы не губляем сувязі са сваімі выпускнікамі, беражліва захоўваем традыцыі школы. Мы радуемся за вас, ганарымся вамі, мы заўсёды чакаем вас у госці ... ». Такім прывітаннем Аляксандр Амялішка – настаўнік гісторыі і вядучы праграмы – адкрыў святочны вечар. З цікавасцю выпускнікі 90-х і 2000-х уключыліся ў гульні, віктарыны, слухалі дзіцячыя песні ў выкананні першакласнікаў і больш старэйшых вучняў, з задавальненнем давалі інтэрв’ю і гаварылі самыя цёплыя словы ўдзячнасці ў адрас сваіх настаўнікаў.
– Кожная такая сустрэча – знакавая па- дзея. За апошнія дзесяцігоддзі сотні выпускнікоў атрымалі пуцёўку ў жыццё. Многія з іх часта прыходзяць у госці ў школу – на першае верасня, Дзень настаўніка, Восьмае сакавіка, нават на апошнія званкі да цяперашніх вучняў. Але першая субота лютага – асаблівы дзень. Дзень, калі трэба спыніцца, успомніць пра людзей, якія ўклалі ў кожнага з нас частку ўласнай душы, – адзначыла дырэктар школы Алена Марозава.
Успаміны – менавіта гэтае слова стала дэвізам святочнай праграмы. Што адбылося ў школе за мінулыя гады, як яна мянялася, якой яе памятаюць выпускнікі і што яна ўяўляе сабой сёння – асноўная тэма ўсёй сустрэчы.
...Гісторыі пра ўрокі, класныя гадзіны і Дні здароўя, творчыя мерапрыемствы – так прыемна часам акунуцца ў сваё бесклапотнае дзяцінства і ўзнёслае юнацтва ! У той час, калі ўвесь свет здаецца такім велізарным, такім нязведаным і неспазнаным. Як жа хораша ўспомніць пра залатую школьную пару...
Будзем чакаць сустрэчы ў наступным годзе ў пачатку лютага!