Вытворчая тэрыторыя ПМК-63 за апошнія два гады ўжо неаднойчы трапляла ў фотааб’ектыў карэспандэнтаў раённай газеты і неаднаразова станавілася тэмай для абмеркавання на нарадзе ў старшыні райвыканкама А. М. Шубскага. Прычыны ўсё тыя ж: адсутнасць парадку, наяўнасць смецця, неахайны выгляд вытворчых будынкаў, нездавальняючы стан з пункту гледжання добраўпарадкавання зямлі, што знаходзіцца за агароджай, і г.д. Пасля крытыкі і заўваг кіраўніцтва ПМК-63 на вытворчай тэрыторыі нешта падчысціць, прыбярэ, падфарбуе, але ж «энтузіязм» хутка заканчваецца і жыццё пераходзіць у старае русла, у якім такому пытанню, як добраўпарадкаванне, няма месца.
Вось і ў пачатку мая камісія ў складзе начальніка інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя І. В. Тысянчука, памочніка ўрача-гігіеніста Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Т. С. Чарняцовай і галоўнага архітэктара раёна В. В. Гарбачонка чарговы раз абследавала вытворчую тэрыторыю прадпрыемства. Тое, што яны ўбачылі, як нельга лепш апісана ў акце абследавання: «Территория производственной базы функционально не продумана и планомерно не организована, содержится в хаотичном и неряшливом состоянии: отходы строительной деятельности, куски бетона, металлолом, гнилые доски, изношенные шины разбросаны в разных местах. Проезжая часть, стоянка для хранения техники не имеют усовершенственного покрытия, не выровнена и не подсыпана песчано-гравийной смесью. Пылеулавливающие циклоны пилорамы и столярного цеха не работают, древесная пыль и опилки распыляются ветром по всей территории предприятия. Не обеспечена вырубка кустарников и поросли деревьев. Бетонный и деревянный забор вокруг базы в отдельных местах наклонился, имеет значительные повреждения, находится в аварийном состоянии, не покрашен. Территория около забора с наружной и внутренней стороны не спланирована, не благоустроена, находится в диком состоянии, на ней устроены несанкционированные свалки обрезной кустарниково-древесной растительности и иного бытового мусора». Пасля знаёмства з падобнымі назіраннямі становіцца зразумела, чаму ПМК-63 на чале з М. П. Бардавусавым заплаціць штрафныя санкцыі на суму ў 1 мільён рублёў.
Штрафы штрафамі, але ж на вытворчай тэрыторыі ўсё роўна трэба наводзіць парадак. Каб яшчэ раз пабачыць і прааналізаваць сітуацыю на месцы, у ПМ-63 выехала камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама П. К. Лапіцкім.

Абышоўшы вакол агароджы прадпрыемства, разумееш, што спраў па навядзенню парадку тут насамрэч вельмі шмат. І нічога дзіўнага няма, бо добраўпарадкаваннем прылягаючай тэрыторыі работнікі прадпрыемства не займаліся гадамі. А цяпер ім пастаўлена задача надаць ёй належны выгляд за два тыдні.
– Дзе нам браць тэхніку, пясок, сродкі? – разводзіць рукамі Міхаіл Паўлавіч. – Тут спраў на некалькі месяцаў.
Сапраўды, гэта так. Але ж за спакойнае жыццё рана ці позна трэба плаціць. Таму прыйдзецца папрацаваць. А члены камісіі вернуцца сюды на наступным тыдні і правераць зробленае.