У пачатку гэтага года пры садзейнічанні Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пабачыў свет першы зборнік навуковых артыкулаў, прысвечаны гісторыі Расоншчыны “Расонскі край: гісторыя, культура, люді”.

Зборнік падрыхтаваны па выніках першай навуковай канферэнцыі, якая адбылася ў Расонах 13-14 лютага 2018 года ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння Пятра Міронавіча Машэрава. У зборніку разгледжаны пытанні, звязаныя з археалогіяй і гісторыяй Расон і расонскага краю ад старажытнасці да сённяшніх дзён. У кнізе размешчаны цікавыя змястоўныя артыкулы паводле апошніх вынікаў археалагічных і этналагічных даследаванняў, што праводзіліся на тэрыторыі Расоншчыны. Асобнае месца ў зборніку адведзена тэме жыцця і дзейнасці Пятра Міронавіча Машэрава, а таксама падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

У выданне ўвайшлі навуковыя артыкулы і нашых землякоў: галоўнага захавальніка фондаў музея баявой садружнасці Сяргея Салаўёва і настаўніка Сакалішчанскай школы Генадзя Філімонава.
Дарэчы, выданне плануецца прадставіць жыхарам нашага раёна. У другой дэкадзе сакавіка адбудзецца прэзентацыя зборніка.