Трынаццаць дзесяцікласнікаў як са звычайных школ, так і з ліцэяў і гімназій Віцебшчыны сталі пераможцамі трэцяга абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове. Сярод іх і прадстаўніца Расонскага раёна, вучаніца 10 “А” класа Расонскай школы Святлана Агеева, якая ў інтэлектуальных спаборніцтвах заняла другое месца. 
“Сярэбраны” поспех дзяўчыны нельга назваць выпадковым. Пачынаючы з першага класа, Святлана захаплялася замежнай мовай, займаючыся ёй дадаткова і аддаючы перавагу перад іншымі школьнымі прадметамі. Ужо ў сярэдніх класах дэманстравала выдатнае валоданне нямецкай мовай, прымаючы ўдзел у «малых» раённых алімпіядах. А першы сур’ёзны поспех прыйшоў да яе ў мінулым навучальным годзе, калі дзяўчына, з’яўляючыся дзевяцікласніцай, на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове змагалася за перамогу з вучнямі дзесятых класаў. І тады Святлана ўжо здолела паказаць неблагі вынік, заняўшы восьмае месца.
Сёлета да абласнога этапу дзяўчына рыхтавалася яшчэ больш сур’ёзна, на працягу апошняга месяца практычна кожны дзень наведваючы педагога-трэнера Алену Станіславаўну Цуканаву. У выніку Святлана набрала 101 бал са 170 магчымых, найбольш удала выступіўшы на этапе праверкі валоданнем вуснай мовай (яшчэ праводзіліся пісьмовая работа і аўдзіраванне).
Акрамя Алены Станіславаўны, у поспех дзяўчыны ўнеслі значны ўклад яе былы і цяперашні настаўнікі нямецкай мовы Лілія Іванаўна Пракоф’ева і Надзея Пятроўна Алексяёнак, за што ім Святлана вельмі ўдзячна.
Вось як паспяховае выступленне дзяўчыны каменціруе Алена Станіславаўна Цуканава:
– Стаць прызёрам абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды – справа не аднаго тыдня або месяца. Падобнага выніку можна дасягнуць толькі пры ўмове ўпартай штодзённай працы на працягу некалькіх гадоў, а таксама пры спалучэнні жадання і ўседлівасці як педагога, так і вучня. Далёка не апошнюю ролю адыгрывае і пастаянная работа над сабой самаго настаўніка, бо, калі не павышаць свой прафесійны ўзровень, таптацца на месцы, здольны вучань дастаткова хутка не толькі цябе дагоніць у ведах, а і перагоніць. Тое, што Святлана мела прыхільнасць і пачуццё мовы, я зразумела з першых заняткаў. Аднак без працалюбства, якое характэрна гэтай дзяўчыне, у нас нічога б не атрымалася. Я вельмі рада яе поспеху. Яна годная высокага другога месца.
Рэдакцыя раённай газеты таксама віншуе Святлану і жадае ёй новых яскравых перамог!