Першапачаткова паломнікамі называлі людзей,якія здзяйснялі падарожжа ў Святую Зямлю для пакланення хрысціянскім святыням. Вандроўнікі прыносілі з сабой галінку пальмы, адкуль і паходзяць словы «паломніцтва» і «паломнік». З цягам часу пад гэтым словам сталі падразумяваць падарожжа да святых месцаў.
Што ўяўляе сабой паломніцтва зараз? Якое яго значэнне для кожнага верніка? Пра гэта наша размова з пробашчам рымска-каталіцкай парафіі святога Юзэфата Кунцэвіча ў Расонах ксяндзом Вячаславам.– Пілігрымаванне – гэта неад’емны элемент у рэлігійным жыцці чалавека, – кажа святар. Калі чалавек верыць у Бога, то ў яго ўжо прысутнічае дух пілігрымаванння. Канешне, можна сцвярджаць і тое, што кожны з нас, незалежна ад таго, якія мае перакананні, з’яўляецца ў гэтым жыцці пілігрымам, хаця б таму, што жыве і ідзе па сваім жыцці. Палом-ніцтвы, якія мы ладзім, садзейнічаюць таму, каб усе, хто наведвае святыя месцы, ці то ў Еўропе, ці ў Ізраілі, ці ў ішых гарадах, маглі дакрануцца да святыняў, сустрэцца з прысутнасцю Божай у сваім жыцці. Каб падчас такіх вандровак людзі маглі ісці тым шляхам, які вядзе не толькі да Бога, але і да самога сябе. Пры наведванні святых месцаў людзі даведваюцца пра гісторыю і духоўныя традыцыі манастыроў і храмаў, святых і падзвіжнікаў, чыё жыццё і дзейнасць былі звязаны са святынямі, якія ўваходзяць у паломніцкі маршрут.
– Паўстае пытанне: хто прымае ўдзел у такіх пілігрымках, ці гэта толькі людзі веруючыя і католікі?– У пілігрымаванні могуць прымаць удзел людзі розныя. Праграмы нашых паломніцтваў разлічаны на шырокае кола людзей і адпавядаюць хрысціянам – католікам, праваслаўным, пратэстантам, але ж таксама яны цікавыя і тым людзям, якія не залічваюць сябе ні да адной з гэтых хрысціянскіх канфесій.
– Ёсць абмежаванні ва ўзросце?– Я, жартуючы, адказваю, што ў паломніцтвах могуць удзельнічаць толькі маладыя – непатрабавальныя, дынамічныя, здольныя падарожнічаць людзі. Толькі вось гэта мяжа маладога і старога вельмі адносная. З намі падарожнічаюць людзі, якім і па 78 гадоў, і робяць гэта з года ў год вельмі паспяхова. Справа ў тым, што яны маладыя духам і, сапраўды, з імі няма праблемаў: яны здольныя на фізічныя падарожжы, ад іх не пачуеш нараканняў, скаргаў. Сустракаюцца і тыя людзі, якія падарожнічаюць сем’ямі, і гэта таксама добра.
Іншы характар маюць пешыя паломніцтвы. Напрыклад, у Будслаў з Віцебшчыны прыбывае штогод 1,5 тысячы пілігрымаў: і маладыя, і старыя, і тыя, каму за 80 гадоў, здольныя прайсці 150 км пешшу. У мінулым годзе быў пілігрым, якому было 2 гады, і гэта яго другое падарожжа, першае было, калі маці насіла на руках. Таму кожны ўзрост адпавядае таму, каб адправіцца ў падарожжа.
– Як распрацоўваюцца туры?Тыя месцы, якія мы наведваем, вельмі папулярныя сярод хрысціян. Напрыклад,у Святую зямлю штогод прыбавае каля 20 мільёнаў пілігрымаў. У Рым, Ватыкан – месца пакутніцтва апосталаў Пятра і Паўла – кожны год прыязджаюць каля 6 мільёнаў чалавек, ў Люрд – таксама 6, у Санд-Жавані , што ў Італіі, дзе пахаваны святы айцец Піо, – каля 8, у Фаціму(Партугалія) – 2,5 мільёна. І гэтыя месцы не трэба выдумваць, яны ёсць, і мы таксама далучаемся да пілігрымных шляхоў.
Калі гаварыць пра тэхнічны бок падарожжа, то дзеля таго, каб яно было як мага танней, туры арганізоўваем самастойна. І як паказвае вопыт пяцігадовай практыкі, гэта магчыма і падсілу.Чаму такі невялікі кошт? Паломніцкія туры не маюць камерцыйных мэтаў. Другая справа – сучасны чалавек вельмі выгодны і нават калі ён адпраўляецца ў паломніцтва, шукае камфорту. Мы з гэтым лічымся, таму паломніцтвы – гэта досыць камфортныя падарожжы, з пражываннем у добрых гатэлях, уключаючыя сняданкі і вячэры. Сёння распрацавана больш 10 розных маршрутаў: Ізраіль, Рым, Ватыкан, Славутыя Святыні – Люрд, Фаціма, Сант’яга -дэ- Кампастэла – ў Іспаніі. Падрыхтаваныя святары, гіды суправаджаюць групы.
– Як наспела ідэя арганізоўваць паломніцкія туры?– Я з’яўляюся такім чалавекам, які змалку хадзіў у падарожжы. А ўжо, будучы святаром у Расонах, не- аднойчы задаваў сабе пытанне: як чалавеку, які не меў шчасця пазнаць рэлігію, біблейскія ісціны, можна прыблізіць рэчаіснасць рэлігійную, прыблізіць Бога? На маю думку, пілігрымаванне па святых месцах дае чалавеку магчымасць паверыць, вырашыць – прыняць хрысціянства ці не. Паломніцтва добра спрыяе таму, каб чалавек азнаёміўся з хрысціянскім жыццём. Нельга сказаць, што масава, аднак ёсць выпадкі, калі людзі, што пабывалі ў такіх пілігрымаваннях, знайшлі свой шлях да святыні, свой шлях да Бога. І гэта вельмі важна.
І нельга думаць, што такое падарожжа не для мяне. Што, калі я зацікаўлюся Богам, рэлігіяй, мне гэта будзе цікава. Пілігрымкі спланаваны такім чынам, што будуць цікавыя кожнаму. Уся наша еўрапейская культура была пакінута ў спадчыну дзякуючы хрысціянству. Як казаў Гётэ, уся Еўропа была збудавана па шляхах пілігрымаў.
– Падарожжы абмяжоўваюцца толькі святынямі, альбо ёсць час азнаёміцца з архітэктурай, культурай гарадоў?– Натуральна, ёсць. Справа ў тым, што гэтыя два элементы жыцця чалавека – рэлігія і культура – непадзельныя. Таму заўсёды падчас паломніцтва людзі наведваюць і іншыя знакамітыя мясціны. Згадзіцеся, немагчыма пабыць у Рыме і не наведаць Пантэон, Калізей. Будучы ў Парыжы, як не ўбачыць Елісейскія палі ці Эйфелеву Вежу?
Ёсць туры з адпачынкам на моры, напрыклад, у Італію. У пілігрыма ёсць магчымасць кожны дзень удзельнічаць у службе, ён мае права гэта ўбачыць. Аднак калі пілігрым праваслаўны, ён можа пайсці ў праваслаўную царкву, калі пратэстант – у пратэстанскі сабор. А можа проста паразважаць на беразе мора.
– Што можаце параіць пачынаючым пілігрымам?– Не трэба баяцца. Не дойдзе той, хто не выйдзе ў падарожжа. Пра тэхнічны бок думаюць арганізатары, а чалавеку варта толькі адважыццца.
Жывучы ў штодзённай мітусні, мы часам не бачым простых рэчаў, ісцінаў. І каб пабачыць гэта і зразумець сябе, часам трэба вырвацца са свайго штодзённага становішча і адправіцца ў вандроўку.
– З якога падарожжа пачаць? Кожнае падарожжа па-асабліваму вартае ўвагі, непаўторнае, цікавае. Кожны хрысціянін, на маю думку, павінен пабываць у Святой Зямлі, убачыць у сваім жыцці Вечны горад, якім з’яўляецца Рым. У Люрд едуць людзі, якія шукаюць аздараўлення, бо даказана, што там у касцёле здзяйсняюцца цуды. Калі нават не шукаеш аздараўлення, варта паехаць, каб паглядзець на людзей хворых, якія там знаходзяцца. Убачыць, наколькі вялікае можа быць цярпенне у гэтых людзей, колькі сілы волі у іх да жыцця. І гэтаму таксама варта вучыцца нашаму чалавеку. Бо, на жаль, статыстыка самагубстваў у нашай краіне вялікая.
– Якія дакументы патрэбны для таго, каб адправіцца ў падарожжа?– Пашпарт, крыху грошай, жаданне і добры настрой. Галоўнае–звяртацца загадзя : пажадана за паўтара месяца да пачатку абранага падарожжа.
Больш падрабязная інфармацыя – водгукі, кошт тураў, кантактныя тэлефоны – ёсць на сайце:
www.piligrуmka.by.