Cтаіць на вуліцы восень залатая, праз шкло рэдакцыйнай машыны відаць цудоўны ўбор прыгажуні прыроды. Мы накіроўваемся на Краснапольшчыну. Ёсць там адразу дзве аддаленыя вёсачкі, якія хочацца наведаць. Гэта Гарэліца і Паддуб’е. Прыгожыя назвы, можна сказаць, паэтычныя, падыходзяць да восеньскай пары, але жыхароў там амаль няма. У Паддуб’і дык чатыры чалавекі пражываюць, а вось у Гарэліцы адна бабулька, з якой размову можна ладзіць, – астатнія жыхары прыехалі з горада, але не для добрага жыцця на прыродзе, а для таго, каб ад чужых вачэй схаваць свае шкодныя звычкі – п’янства і нежаданне жыць па-людску. Але пра ўсё па парадку…Замест прадмовыТрэба сказаць, што, каб трапіць як у адну, так і ў другую вёску, нам прыйшлося пакружыць – ніводнага ўказальніка, які б даў інфармацыю, дзе знаходзяцца селішчы, мы не ўбачылі. Людзей па трасе таксама не было, і толькі на другой па ліку спробе знайсці Гарэліцу мы сустрэлі егера – той і падказаў нам, якім шляхам ехаць.
З Паддуб’ем тая ж карціна – вёску гэтую шукалі таксама доўга, але, на шчасце, нас направіла збіральніца грыбоў, якая прыкладна ведала накірунак.
Чаму так адбываецца? Сказаць складана. Мясцовыя жыхары кажуць, што яшчэ з зімы знакі з назвай вёскі былі збіты машынамі, з той пары і няма іх…
Гарэліца –
вёска бабы Каці
Калі я адкрыла дзеры ў хату Кацярыны Фамінічны Петуховай, то радасці яе не было межаў! Жыве яна тут практычна адна. Суседка намнога маладзей за яе, але не ў тым справа – не жыве па-людску, таму і няма жадання мець зносіны. Аўталаўка прыходзіць раз у тыдзень, раз у месяц паштальён прыносіць пенсію – вось і ўсе кантакты. А калісьці было тут 12 хат, у кожнай бурліла жыццё. Сама баба Каця працавала таксама паштальёнам – тры вёскі абслугоўвала, кожны дзень сярод людзей была, газеты чытала.
–Цяпер, канешне, зрок не той, а так я б з вялікай асалодай трымала ў руках газетныя аркушы, поўныя навінаў. Ды і што для мяне адной паштальёнку ганяць, адмовілася я ад пошты, – кажа састарэлая гаспадыня.
Ёй ў гэтым годзе споўнілася 86 гадоў. Жыццё пражыла цяжкае, асабліва бліскучых шчаслівых момантаў і ўспомніць не можа.
–У маці я была дзясятая, апошняя. Калі мне было толькі 7 месяцаў, бацька трагічна загінуў. У маці на руках засталося на той момант 8 дзяцей. Жыццё было складаным – у працы і голадзе. Нідзе не пашанцавала. У 10 гадоў узяў мяне да сябе брат, які жыў у Расонах. Там пайшла ў 4-ты клас. За 10 дзён да пачатку Вялікай Айчыннай памерла жонка братава. Застаўся пляменнік, якому не было і паўтара года. А мне 13 гадочкаў, і мы з ім усю вайну хаваліся ў лесе. Кожны тыдзень былі экспедыцыі нямецкіх карнікаў. Доўга мы хаваліся, але перад самым вызваленнем раёна нас немцы ўсё ж знайшлі. Аднойчы ляцеў прама над сасновымі верхавінамі варожы самалёт, які з мэтай пошуку партызан и мірнага насельніцтва рабіў фотаздымкі лесу. Праз дзве гадзіны прыйшлі немцы і нас схапілі. Дзве старэнькія жанчыны і восем дзяцей – усе мы трапілі ў палон. Калі пераходзілі з месца на месца, то самых маладых гналі першымі, бо партызаны мініравалі дарогі, і калі што, то мы ў любы момант маглі падарвацца, – са слязьмі на вачах расказвае баба Каця.
Пасля вайны брат забраў свайго сына, якого зберагла Кацярынка, ў сваю новую сям’ю. А дзяўчына ў 1948-м пайшла замуж. Муж Канстанцін прывёз яе да сваёй маці ў вёску Гарэліца. Нарадзілі 4-х дзяцей, але вялікага шчасця і ў сямейным жыцці не было. Муж усё жыццё адпрацаваў на трактары, але гарачы быў па характары, за сваю задзірлівасць аднойчы нават быў асуджаны, а яна засталася з дваімі дзеткамі. Праз некаторы час мужа яшчэ раз судзілі, але праз год адпусцілі – віну яго не змаглі даказаць. А якія былі падаткі пасля вайны! Без мужа яны са свякровай пчоламі займаліся, каб неяк выжыць. Дзеці маленькія былі, таму толькі хатнюю гаспадарку вяла, а на работу выйсці не было магчымасці…
Двух сыноў баба Каця пахавала, адзін сын інвалід, у дачкі няма стрыжня ў душы, для маці яна не апора. Так і жыве старая адна, толькі ўспамінае пра тыя часы, калі была здаровая, калі мела вялікую гаспадарку, калі вёска народу была поўная. Можна было да суседкі схадзіць, па-добраму пагутарыць…
–А вёска наша прыгожая, недалёка рака, лес навокал. Грыбы, ягады – жыві не хачу! Але ўсе мае суседзі адзін за адным пайшлі з жыцця. А я тут як вартаўнік ся-джу. Але ведаеце, у дом састарэлых не вельмі хочацца, свая хата, родная вёска мне мілей, – сказала мне напрыканцы старая жанчына.
У Паддуб’і засталіся
самыя стойкіяУ Паддуб’і мне давялося пазнаёміцца адразу з дваімі жыхарамі – Іванам Паўлавічам Лапаткам і яго пляменніцай Галінай Васільеўнай Герасімавай. Кожны з іх застаўся без сваёй другой палавіны. Пажылы ўдзельнік вайны пахаваў жонку 8 гадоў таму, а Васільеўна аж 19 гадочкаў у статусе ўдавы пражывае. Абодва яны родам з суседняй Каменкі. І розніца ва ўзросце ўсяго чатыры гады. Справа ў тым, што дзед Іван апошні ў сям’і – ён аж шаснаццатым па ліку ў бацькоў нарадзіўся, да слова, са старэйшым братам у іх адно імя на дваіх, а розніца – аж у 25 год! Вось якія сем’і былі яшчэ ў мінулым стагоддзі! Івану Паўлавічу пайшоў 88-мы год, а яго пляменніцы – 84-ты.

– У 42-м годзе я ўжо быў у партызанах у атрадзе імя Чкалава, хадзіў у разведку. Немцам на пяткі наступалі, нічога не бая-ліся. У 1943-м прынялі рашэнне пераводзіць самых маладых партызан на фронт, але не атрымалая гэта адразу – немцы жорстка стаялі. Нас 200 чалавек было такіх. У адзін дзень, памятаю, мы як паставыя стаялі – кожны на сваім месцы, каб не групай, каб менш прыцягваць да сябе ўвагу. Але немцаў нам падмануць не выйшла, вярнуліся назад. Потым мяне разам з іншымі ўжо падабралі нашы войскі, у 1944 годзе я трапіў у армію. Адным слровам, з зямлянак на вайну! Ваяваць пачаў у траншэях пад Смаленскам. Холад, кармілі вельмі бедна. Хлеб быў асноўнай ежай, ды і той давалі раз у тыдзень – трэба было падзяліць гэтую палову кілаграма і да зацірак ды супоў кожны дзень дабаўляць, – успамінае былы салдат.
Дайшоў Іван Паўлавіч да Будапешта. А вось дамоў вярнуўся толькі ў 1950-м годзе – дапамагаў наркамату ўнутраных спраў дэзертыраў і бандзітаў лавіць. Ёсць у героя і ўзнагароды, але ён не вельмі хоча імі хваліцца. Тыя гады ў далёкім мінулым…
Ажаніўся праз два гады пасля вяртання на малую радзіму. Жонка Ганначка маладая была, прыгожая, добрая па характары, працавала аграномам. Сам Іван Паўлавіч пастухом быў. Траіх дзяцей нарадзілі. Адзін памёр яшчэ хлопчыкам, дзве дачкі жывуць у Забор’і, абедзве ўжо на пенсіі…

– Вясной ды летам да нас прыяз-джаюць дачнікі. Сумна зімой. Муж амаль 20 гадоў таму памёр. Сын малады ў 1997 годзе загінуў, другі ў мінулым годзе памёр. Засталося ў мяне 3 дачкі ды сын непуцёвы. Усяго 6 дзяцей нарадзіла. Усё жыццё працавала: кароў даіла, паляводам была, дзяцей гадавала. Набядаваліся ў вайну, ды і пасля вайны несалодка жылі…– успамінае баба Галя.
Галіна Васільеўна Герасімава, як і яе дзядзька Іван, смуткуе па тых часах, калі ў вёсцы жыло шмат людзей, калі ладзіліся святы, калі ўсім светам адзін аднаму дапамагалі. Цяпер таксама можна жыць і радавацца – пенсіі хапае, аўталаўка прыходзіць, дзеці пра іх не забываюцца, але няма таго настрою, што ў маладосці. Кожны з іх прызнае, што восень жыцця не такая прыгожая, як восень у прыродзе. Але, калі задумацца, ёсць унукі, праўнукі, значыць, нездарма яно ўсё – законы прыроды бяруць сваё і ўсё расстаўляюць на свае месцы…