Правядзенне пасяджэнняў педагагічнай гасцёўні «Пошук» на базе той ці іншай установы адукацыі на Расоншчыне ўжо стала добрай традыцыяй. Апошнюю педагагічную гасцёўню, тэмай якой была абрана работа ўстановы адукацыі ў экалагічным накірунку, прымала Сакалішчанская базавая школа.
Яе адміністрацыя і настаўнікі зрабілі ўсё магчымае, каб як мага шырэй паказаць напрацоўкі па экалагічным выхаванні дзяцей і падлеткаў. Таму праграма пасяджэння прадугледжвала наведванне адкрытых урокаў, факультатыўных заняткаў, выхаваўчых мерапрыемстваў.
Так, госці пабывалі на ўроку пазакласнага чытання ў 3-цім класе па тэме «Прырода і жывёльны свет Беларусі ў творах беларускіх пісьменнікаў», які правяла настаўнік Святлана Віктараўна Гайковіч, на выхаваўчым мерапрыемстве ў рознаўзроставай групе «Свята царыцы Восені» , падрыхтаваным выхавацелем Ірынай Віктараўнай Сяльчонак. Прысутныя назіралі, як пад кіраўніцтвам настаўніка Юліі Яўгенаўны Малюжанец сямікласнікі падагульнялі і сістэматызавалі свае веды па тэме «Дзеепрыметнік», а вучні пятага класа працавалі на факультатыўным занятку па прыродазнаўстве «Вада. Яе значэнне ў прыродзе» ( настаўнік Алеся Сяргееўна Шапель).
Таксама ўдзельнікі гасцёўні з цікавасцю паслухалі выступленне намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Аксаны Аляксееўны Цішаловіч па тэме «Работа ўстановы адукаці ў экалагічным накірунку», папрысутнічалі на выхаваўчым мерапрыемстве «Экалагічнае асарці», пазнаёміліся з выставай творчых работ вучняў, кніжнай выставай, выставай метадычных распрацовак сакалішчанскіх педагогаў.