У пачатку ліпеня з розных мясцін Беларусі здзейсніліся пілігрымкі (паломніцтвы) у вёску Будслаў Мядзельскага раёна, у якой знаходзіцца санктуарый Маці Божай Будслаўскай, апякункі Беларусі. Былі там і прадстаўнікі нашага раёна – чатыры паломніцы і пробашч рымска-каталіцкай парафіі святога Язэфата Кунцэвіча ў Расонах ксёндз Вячаслаў Барок.Ужо шмат стагоддзяў католікі з усёй Беларусі і вернікі іншых хрысціянскіх канфесій у пачатку ліпеня збіраюцца ў гэтым мястэчку. У 23 раз пасля адраджэння каталіцтва на Беларусі тысячы сучасных католікаў прыходзяць у Будслаў з розных бакоў краіны.
У наступным годзе Будслаўскай іконе Божай Маці споў-ніцца 400 год – роўна столькі гадоў таму яна была падаравана Папам Рымскім беларусам і з той пары знаходзіцца ў Будславе. Ікона пазначана залатымі каронамі Папы Рымскага. Гэтая святыня мае цудадзейнае аздараўляльнае дзеянне, менавіта таму сюды сцякаецца такая колькасць пілігрымаў.
Паломнікі з Расон у шосты раз удзельнічаюць у Будслаўскім фэсце. Спачатку расонскія пілігрымы дабраліся да Полацка на аўтобусе, а вось са старажытнага горада адправіліся ў пешую вандроўку да святых мясцін. Паломнікі прайшлі населеныя пункты Фарынава, Ветрына, Ламашы, Празарокі, Прошкава, Глыбокае, Порплішча, Парфіянава і апошнім быў Будслаў! Духоўная вандроўка заняла 5 дзён – з панядзелка (2 ліпеня) па пятніцу (6 ліпеня). Пілігрымы дакрануліся да іконы і прынялі ўдзел у сумеснай малітве. Для моладзі быў арганізаваны святочны канцэрт.
Пра свае ўражанні гаворыць паломніца з Расон Аксана Хаданёнак:
– Пілігрымка да Божай Маці Будслаўскай – мая самая любімая. Мы пяць дзён у дарозе, і за гэты час праходзім пешшу 150 кіламетраў. Фізічна гэта цяжка, але духоўна ты лунаеш. У пілігрымках я адчуваю сябе камфортна маральна. Радуе тое, што навокал добрыя сумленныя людзі, якія гатовы дапамагчы ў любую хвіліну. Захапляе мужнасць пажылых пілігрымаў, падтрымліваюць дух дзіцячыя ўсмешкі. А як нас сустракаюць у вёсках, як шчыра вітаюць і смачна частуюць!
У штодзённым жыцці не хапае часу на малітву, а тут яе сумеснае гучанне на працягу ўсяго шляху.
Вельмі ўражвае Святочная Імша ў Будслаўскім нацыянальным санктуарыі, дзе моляцца некалькі тысяч пілігрымаў, якія любяць Бога і жывуць па Яго запаведзях.
Вядома, што хрысціяне вандруюць па святых мясцінах дзеля падзякі, пакаяння, аднаўлення свайго духоўнага жыцця, малітвы да Пана Бога пра вылечванне душы і цела, а калі-нікалі дзеля выканання дадзеных Богу абяцанняў. У любым выпадку, здзяйсняючы пілігрымку, чалавек імкнецца дакрануцца да іншага свету, рэальна існуючага як у вечнасці, так і ў фізічнай прасторы і часе…