«Вынікі работы школы за мінулы навучальны год і планаванне на наступны» – традыцыйная для жнівеньскага педагагічнага савета Расонскай школы тэма. Аднак сёлета кіраўніцтвам установы адукацыі ставілася мэта не проста трымаць справаздачу за зробленае і намеціць планы на будучае, а прааналізаваць работу такім чынам, каб вызначыць праблемы, зрабіць вывады і ўнесці прапановы. Пра гэта наша размова з дырэктарам Расонскай школы Аленай Марозавай. – Калі я знаёмілася з ходам правядзення педагагічнага савета, адразу звярнула ўвагу на нешаблоннасць і глыбокі сэнс пастаўленых задач. Працытую: «Осознание целей работы школы на следующий учебный год как единых, требующих объединения усилий всех членов коллектива и значимых для всех; деловое общение коллег, которое является важной предпосылкой создания коллектива единомышленников». Падобная фармуліроўка – Ваша ініцыятыва?– На пасадзе дырэктара я працую каля шасці месяцаў. Гэтага часу дастаткова, каб высветліць праблемы і знайсці іх карані. Па майму меркаванні, педсавет – гэта тое месца, дзе неабходна агучваць набалелае, каб разам намячаць шляхі вырашэння і разам пачаць ажыццяўляць запланаванае. Бо толькі калектыў аднадумцаў можа рэальна паўплываць на сітуацыю і змяніць яе ў лепшы бок.
– У Вашай справаздачы чырвонай лініяй праходзяць асноўныя накірункі арганізацыі вучэбнага працэсу, у тым ліку і тыя, па якіх Расонскую школу часта крытыкуюць. Адны з іх пераемнасць пачатковай і сярэдняй адукацыі і работа з адоранымі дзецьмі. Як педкалектыў школы ў новым навучальным годзе будзе працаваць па гэтых напрамках?– Першая ступень адукацыйнага працэсу ў нашай установе, на мой погляд, найбольш моцная. Тут працуюць шмат адданых абранай прафесіі настаўнікаў, якія імкнуцца раскрыць патэнцыял сваіх вучняў, хварэюць за іх душой. Настаўнікі пачатковай школы могуць даць разгорнутую характарыстыку кожнаму хлопчыку і дзяўчынцы ў выпускным чацвёртым класе, звярнуўшы ўвагу як на здольных вучняў, так і на тых, хто патрабуе асаблівай увагі і дадатковага часу. Менавіта падобны аналіз на педсавеце зрабіла настаўнік Іна Ратаева, якая сёлета выпусціла чацвёрты клас. Здаецца, усё неабходнае для педагогаў-прадметнікаў ёсць. Бяры дзяцей і працуй. А на практыцы атрымліваецца інакш. Праз два-тры гады як здольныя дзеці з высокім узроўнем абучэння, так і дзеці з нізкім узроўнем, ператвараюцца ў агульную шэрую масу. Мы проста губляем будучых зорачак, якія б маглі паказваць вынікі на абласных і рэспубліканскіх этапах прадметных алімпіяд, займацца навукова-даследчай дзейнасцю, выйграваць у інтэлектуальных спаборніцтвах.
– Дзе выхад?– У час педсавета абмяркоўва-ліся тры складаючыя, рэалізацыя якіх запланавана на новы навучальны год. Першая – максімальна эфектыўнае выкарыстанне стымулюючых заняткаў і факультатываў для работы з адоранымі дзецьмі пачынаючы з пятага класа. У чацвёртым класе яны, як правіла, ужо паказвалі выдатныя вынікі на «малых алімпіядах». Таму, у адпаведнасці са схільнасцямі дзяцей і іх інтэлектуальным патэнцыялам, за кожным замацуем адпаведнага прадметніка, які складзе перспектыўны індывідуальны план работы з вучнем. І планамерна, крок за крокам, ён будзе рыхтаваць яго да будучых алімпіяд.
Другая складаючая – развіццё дыферэнцыяцыі навучання. Выкарыстоўваючы сучасныя метады і тэхналогіі, педагог павінен такім чынам арганізоўваць свой урок, каб зацікавіць і развіваць дзяцей з розным узроўнем абучэння. Моцным вучням – больш дадатковай інфармацыі і больш складаныя заданні, слабым – базісны ўзровень. Усё гэта пры жаданні можна адрэгуляваць і прывесці ў сістэму.
Трэцяя складаючая – аднаўленне інтэлектуальных гульняў накшталт «Што? Дзе? Калі?», «Брэйн-рынг» і іншыя, якія можна праводзіць у шосты дзень школьнага тыдня. Трэба паспрабаваць «зачапіць» дзяцей і падлеткаў, каб ім было цікава шукаць адказы на складаныя пытанні, даведвацца нешта новае, спрачацца, выказваць уласную думку, даследаваць.
– Калі рэальна можна будзе чакаць першых перамог на абласным узроўні?– Не раней, чым праз два-тры гады. Работа з адоранымі дзецьмі – карпатлівая і складаная. Тут павінны супасці некалькі складаючых і вопытны настаўнік, які можа падрыхтаваць алімпіядніка (да падобнага здольныя не ўсе педагогі), і вучань, які будзе аддаваць большасць вольнага часу на любімы прадмет. Са свайго боку я як дырэктар усімі магчымымі спосабамі буду матэрыяльна заахвочваць тых педагогаў, хто выкажа жаданне працаваць са здольнымі дзецьмі, і асабліва тых, хто дасягне разам з імі годных вынікаў.
– Аднак увага настаўнікаў па-вінна быць накіравана не толькі на адораных і таленавітых, а і на тых, хто мае асаблівасці ў псіха-фізічным развіцці.– Педкалектыў і настаўнікі-дэфектолагі імкнуцца ствараць для такіх дзяцей умовы, каб палепшыць іх індывідуальныя якасці, развіць інтарэсы і прыхільнасці, сацыяльна адаптаваць. У мінулым навучальным годзе ў школе працавалі дзевяць інтэграваных класаў, у якіх навучаліся 28 вучняў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Сёлета іх будзе 24, і кожны з дзяцей атрымае кваліфікаваную карэкцыйную дапамогу.
Сярод асноўных прэтэнзій, выказаных у час педсавета ў бок настаўнікаў і дэфектолагаў, што працуюць з гэтай катэгорыяй дзяцей, адсутнасць сістэмы ў кантрольна-ацэначнай дзейнасці на ўроку, незакончанасць асобных этапаў урока.
На базе нашай школы таксама дзейнічае пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, які ў мінулым навучальным годзе наведвалі 42 чалавекі. У канцы мая дзеці былі абследаваны і выяўлена, што ў 27 з іх мова прыйшла ў норму. З 1 верасня пункт будуць наведваць 30 чалавек.
– На педагагічным савеце таксама абмяркоўвалася праблема вывучэння замежных моў і падрыхтоўкі да абавязковага экзамену па замежнай мове. Што вырашылі ў гэтым накірунку?– Сапраўды, у канцы новага навучальнага года ўпершыню адзінаццацікласнікі здадуць абавязковы выпускны экзамен па замежнай мове. І мяне як дырэктара, і настаўнікаў замежных моў, безумоўна, турбуе, як ён пройдзе. А каб экзамен усё ж прайшоў паспяхова, кіраўніцтва раённага аддзела адукацыі і школы стварыла спрыяльныя ўмовы. Перш за ўсё, восем настаўнікаў англійскай і нямецкай моў працуюць з групамі па 6-7 чалавек, што забяспечвае практычна індывідуальны падыход да кожнага вучня. Па-другое, кожны з кабінетаў замежнай мовы сёлета быў забяспечаны камп’ютарнай тэхнікай. Цяпер, плануючы вучэбны працэс, настаўнікі могуць выкарыстоўваць аўдзіраванне, прэзентацыі, тэставыя заданні. Спадзяюся, нашы выпускнікі на экзаменах пакажуць годны ўзровень валодання замежнай мовай.
– Ні для каго не сакрэт, што выпускнікі школы перш за ўсё нацэлены на паспяховую здачу цэнтралізаванага тэсціравання. Наколькі эфектыўна ў школе арганізавана дадзеная падрыхтоўка?– Хто са старшакласнікаў жадае атрымаць веды для паступлення ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі, той іх атрымлівае. Для гэтага арганізаваны і працуюць факультатыўныя заняткі на платнай аснове. Напрыканцы мінулага навучальнага года ў школе стала практыкавацца правядзенне па суботах он-лайн заняткаў з выкладчыкамі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Падлеткі на экране бачаць выкладчыка, выкладчык – падлеткаў, яны могуць чуць адзін аднаго, задаваць пытанні. Таму непасрэдна ў рэжыме он-лайн выкладчык разбірае заданні цэнтралізаванага тэсціравання мінулых гадоў, звяртае ўвагу на тыя, што выклікалі цяжкасць у абітурыентаў. Занятак па аднаму прадмету працягваецца каля гадзіны. Потым настае чарга новага вучэбнага прадмета і новага выкладчыка. Дарэчы, падобнай магчымасцю карысталіся не толькі старшакласнікі Расонскай школы, але і жадаючыя выпускнікі іншых школ раёна.
Он-лайн сустрэчы з выкладчыкамі ўніверсітэта па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання будуць арганізаваны і ў новым навучальным годзе.
– Яшчэ адно пытанне, што датычыцца выпускнікоў. Ці з’яўляецца паказчык паступлення ў ВНУ, на Ваш погляд, своеасаблівай адзнакай работы ўсяго педагагічнага калектыву?– Часткова. Калі выпускнік набірае высокія балы на цэнтралізаваным тэсціраванні і становіцца студэнтам на бюджэтнай аснове сталічнай вышэйшай навучальнай установы, значыць настаўнікі працавалі не дарэмна. Аднак дзеці ў школе вучацца розныя. Хтосьці па сваіх здольнасцях можа ў будучым штурмаваць самыя прэстыжныя факультэты самых прэстыжных ВНУ, а камусьці гэта зусім не трэба. Ён можа стаць выдатным вадзіцелем, будаўніком, сталяром або механізатарам, тым больш , што дэфіцыт прадстаўнікоў рабочых спецыяльнасцяў на Расоншчыне адчуваецца ўсё больш востра. Таму правядзеннем узважанай прафесійнай арыентацыі мы таксама павінны займацца больш шчыльна.
А што датычыцца лічбаў, то сёлета студэнтамі ВНУ і ССНУ сталі 74 працэнты выпускнікоў Расонскай школы, 16 працэнтаў паступілі ў прафесійна-тэхнічныя вучылішчы, 10 працэнтаў працаўладкаваліся.
– Давайце вернемся да пачатку нашай размовы. Дык якім чынам Вы плануеце ў Расонскай школе стварыць калектыў аднадумцаў?– На мой погляд, настаўнік не з’яўляецца настаўнікам, калі ён роўна па званку выходзіць з кабінета, зачыняе дзверы і накіроўваецца дадому. Пры гэтым яму ўсёроўна, навучыў ці не навучыў. Іншымі словамі, горш за ўсё абыякавасць. З ёй я і буду змагацца. Калі атрымаецца перамагчы, калі ў некаторых педагогаў з’явіцца агеньчык у вачах і жаданне працаваць творча, тады і пра калектыў аднадумцаў можна будзе гаварыць. А яшчэ я раблю стаўку на маладых спецыялістаў, бо пры стварэнні неабходных умоў у іх, як правіла, ёсць і імкненне рэалізаваць сябе, і паспрабаваць у педагогіцы нешта новае, не стандартнае.
– Дзякуй за размову і поспеху ў рэалізацыі планаў. Фота аўтара.