Культура аб’ядноўвае народы і пакаленні, дазваляе гарманічна і ўсебакова развівацца грамадству, ставіць перад ім высокія арыентыры непераходзячых пазачасавых каштоўнасцяў. Культура дае кожнаму чалавеку ўнікальную магчымасць адчуць сябе часткай свайго народа, сваёй вялікай краіны.
14 кастрычніка прафесійнае свята – Дзень работнікаў культуры – адзначаюць яе стваральнікі і захавальнікі. Сярод іх супрацоўнікі Дамоў культуры, гарадскіх і вясковых клубаў, калектывы мастацкай самадзейнасці, работнікі музеяў і бібліятэк, дзеячы тэатраў і канцэртных арганізацый. Сапраўдныя прафесіяналы
дораць нам добры настрой!У сферы культуры Расонскага раёна працуе шмат захопленых сваёй справай прафе-сіяналаў. Яны робяць сваю справу не проста для таго, каб забаўляць, але і каб вучыць, развіваць і накіроўваць самых розных людзей! Дзеля нас, гледачоў, гэтыя людзі ствараюць новыя праграмы, пішуць песні і новыя аранжыроўкі да іх, ставяць спектаклі, рыхтуюць тэматычныя мерапрыемствы, распрацоўваюць гістарычныя экскурсы. Адным словам, робяць наша жыццё разнастайным, насычаным, цікавым. Гэтыя людзі працуюць у тыя дні, калі мы адпачываем у час традыцыйных святаў. І часта лепшай падзякай за іх неабходную для нашых душ працу з’яўляюцца шчырыя апладысменты, вясёлыя ўсмешкі і добры настрой!
Па словах начальніка аддзела культуры Расонскага райвыканкама Святланы Волкавай, гэты год для творчых работнікаў стаў па-сапраўднаму багатым не толькі на ўдзел у розных абласных конкурсах, але і на ўзнагароды і перамогі ў іх. Гэта і Дыплом 1-й ступені Станіслава Казлова (Янкавіцкі СДК), які ён атрымаў за ўдзел у абласным свяце песні “Не старэюць душой ветэраны”. Таксама Дыпломам удзельніка абласнога конкурсу “Грай, гармонік” быў адзначаны саліст клуба “Ветэран” Уладзімір Сталбуноў. Узяла ўдзел у занальным адборачным туры патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў” салістка калектыву эстрадных спеваў РДК Наталля Матулеўская. Паспяхова прадставілі паэтычнае багацце раёна ўдзельнікі паэтычнага клуба раённага Дома культуры “Натхненне” адразу ў двух конкурсах: абласным свяце-конкурсе літаратурных клубаў “Калыска мая – Беларусь” і ў свяце-конкурсе самадзейных паэтаў і кампазітараў “Песні сунічнычных бароў”.
У Себежскім раёне вельмі цёпла ўспрынялі спектакль “На вайне як на вайне”, які быў падрыхтаваны сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў калектываў Расонскага РДК, Янкавіцкага і Клясціцкага СДК, а таксама танцавальнага калектыву Расонскай школы мастацтваў. Таксама артыстаў з Расонскага раёна запрасілі ў Себеж для ўдзелу ў свяце горада. Так, свае самыя цікавыя нумары себежскім гледачам паказалі ўдзельнікі калектыву эстраднай песні РДК, узорнай студыі “Надзея”, народнага калектыву “Свяціца”, узорнага цымбальнага аркестра і танцавальнага калектыву Расонскай школы мастацтваў.
Лялечны свет
“Весёлых ребят”Можна сказаць, што адной з разыначак раённага Дома культуры з’яўляецца лялечны калектыў “Весёлые ребята”(на здымку). Калі чатыры гады таму ў РДК ствараўся гэты калектыў, то яго кіраўніком была вельмі захопленая творчым працэсам Таццяна Вашкевіч, а пакуль яна часова адсутнічае, то яе абавязкі выконвае не менш актыўная і творчая асоба – рэдактар РДК Наталля Свіловіч. На яе думку, усе 9 удзельнікаў, сярод якіх 2 дарослыя, а астатнія дзеці, з вялікай адказнасцю ставяцца да працэсу падрыхтоўкі спектакляў. Гэта і чытанне тэкстаў з абавязковым тлумачэннем значнасці кожнага героя, а таксама рэпетыцыі з лялькамі, якіх артыстам трэба “ажывіць” не толькі мовай, але і рухамі.
Верагодна, у юных артыстаў гэта нядрэнна атрымліваецца, бо за непрацяглы час існавання клуба яны сталі дастаткова папулярнымі ў раёне. Лялечнікі не толькі заняты амаль ва ўсіх канцэртах, якія ладзяцца да розных святаў у райцэнтры, але і неаднаразова пабывалі ва ўсіх дзіцячых садах раёна. І заўсёды іх прымаюць на «ўра»: са смехам, радасцю і бурнымі авацыямі!
Да слова, артысты маюць у сваім распараджэнні роставых і пальчыкавых лялек, але ўсё ж галоўным гонарам “Весёлых ребят” з’яўляюцца новыя лялькі-марыянеткі. Апошніх год таму вырабілі для клуба супрацоўнікі Расонскага дома рамёстваў.
Цяпер вось лялечны калектыў РДК рыхтуецца да ўдзелу ў абласным свяце-конкурсе “Лялечны свет”, які адбудзецца 1 лістапада ў горадзе Віцебску. Пажадаем ім поспеху!
Моладзь працягвае
традыцыі
і высакародную справу На працягу апошніх некалькіх гадоў у га-ліну культуры нашага раёна прыходзяць на працу маладыя кадры. Так, гэтым летам папоўнілі рады майстроў Дома рамёстваў новыя супрацоўнікі – Яўген Салаўёў і Сяргей Цімафееў. Адзін з іх займаецца разьбой па дрэве, а другі – лазапляценнем. Новыя кадры з’явіліся і ў музеі баявой садружнасці. Кацярына Карцель спачатку была прынята наглядчыкам, а з верасня стала навуковым супрацоўнікам музея, Юлія Болазева таксама з пачатку года працуе наглядчыкам установы. Дзяўчаты ўжо атрымалі сярэдюю спецыяльную профільную адукацыю, а цяпер працягваюць вучыцца музейнай справе ў вышэйшых установах рэспублікі. У мінулым годзе актыўна ўзялася за справу і кіраўнік танцавальнага гуртка Расонскага Дома культуры Кацярына Рубіс: зараз у яе паспяхова вучацца танцаваць тры групы танцораў розных узростаў.

Другі год працуе выкладчыкам школы мастацтваў Наталля Іванова (на здымку), якая вучыць пачынаючых музыкантаў.
У мінулым годзе яна скончыла музычны каледж, што ў Наваполацку, а цяпер працягвае шліфаваць свой талент на факультэце “Музычнае мастацтва і народная творчасць” ва Універсітэце культуры і мастацтваў у Мінску.
Калісьці дзяўчына сама скончыла Расонскую школу мастацтваў – асвоіла такі інструмент, як фартэпіяна, але галоўным яе захапленнем былі спевы, таму ў каледжы абрала пеўчую спецыяльнасць.

На працу ў Расонскую школу мастацтваў прыйшла з лёгкім сэрцам – быццам вярнулася дамоў. З малышамі яна займаецца сальфеджыа і вядзе хор у музычнай школе. Мэтанакіраваная і актыўная, Наталля мае шмат ідэй і цікавых праектаў, якія абавязкова хоча ажыццявіць у бліжэйшы час. На думку дырэктара школы мастацтваў Алены Парфёнавай, у новага педагога ёсць усе шанцы рэалізаваць задуманае!
За поспехі
ўзнагароджана!Мастацкі кіраўнік Клясціцкага Дома культуры Святлана Траццякова (на здымку) большую частку жыцця аддала педагагічнай справе, але ўвесь час рэалізоўвала сябе ў самадзейнасці. Цудоўны голас і адкрытая шчырая ўсмешка – вось тое, што на сцэне дапамагае ёй браць у палон сэрцы гледачоў. І вось непрыкметна праляцела сем гадоў з таго часу, як яе хобі ператварылася ў любімую прафесію! За гэты час жанчына скончыла з адзнакай Віцебскі каледж культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысёр народных абрадаў і святаў” і стала сапраўдным прафесіяалам сваёй справы. Яна не толькі па-ранейшаму непаўторна дэкламіруе вершы і спявае з удзельніцамі клясціцкага калектыву народнай песні “Вечарына”, але і выдатна піша сцэнарыі да разнастайных святаў. Не было такога года, каб жанчына не ўшановалася Граматай ці падзякай за свой уклад ў паспяховае выступленне калектыву супрацоў-нікаў Клясціцкага Дома культуры. Вось і ў гэтым годзе за плённую працу і за творчыя поспехі ад Расонскага выканаўчага камітэта мастацкі кіраўнік Клясціцкага СДК Святлана Траццякова атрымала Ганаровую грамату!

“Не было б падзяк і Грамат без маіх калег, з якімі мы ўсе разам робім нашую часам нялёгкую, але такую любімую для нас і патрэбную для нашых людзей справу! Дзе мы толькі не былі з канцэртамі – акрамя ўсіх куточкаў роднага раёна давалі канцэрты і ўдзельнічалі ў пастаноўках у Верхнядзвінску, Себежы, каторы год спяваем на розных пляцоўках у час фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Усюды нам рады, усюды апладысменты! А што можа быць больш каштоўным для артыста, чым шчыры прыём глядзельнай залы? Вельмі прыемна, што пасля будаўніцтва аграгарадка палепшылася наша матэрыяльная база: новая ўтульная зала СДК, новая тэхніка! Гэта ўсё немалаважна для работнікаў культуры! Адным словам, у нас ёсць усе шанцы развівацца як прафесіяналам,” – разважае Святлана Яўгенаўна.
P.S. У гэты дзень шчыра віншуем усіх работнікаў культуры з прафесійным святам! Дзякуй вам за зберажэнне лепшых традыцый беларускай культуры, за самаадданую працу і станоўчыя эмоцыі, добры адпачынак і прыгажосць, якія кожны з вас дорыць нам, гледачам!
Жадаем вам аптымізму і запалу ў працы, новых творчых ідэй і магчымасцяў. А яшчэ жадаем вам моцнага здароўя, сямейнага шчасця, поспехаў ва ўсіх пачынаннях. Пашана і павага ўсім вам!