На мінулым тыдні ў рэдакцыю раённай газеты патэлефанавалі з Сакалішча. Аказваецца, ў аграгарадку шматдзетная сям’я Кілепавых на двары ўласнага дома “пабудавала” амаль што сапраўдны танк, толькі са снегу. Што за такая дружная і захопленая сям’я? Чым яны жывуць?
На парозе дома мяне сустрэла ветлівая і ўсмешлівая жанчына. Вольга Уладзіміраўна Кілепава заўсёды дома – яна каторы год з’яўляецца прыёмнай маці. З ёй мы і пагутарылі пра жыццё-быццё. 
У Вольгі Уладзіміраўны і Алега Іванавіча добрая сям’я, якую яны стварылі 18 гадоў таму. Іх сыну Уладзіславу ўжо споўнілася 17 гадоў, а дачцэ Святлане – 15. Калі пазнаёмі-ліся, то Вользе было толькі 17, а будучаму мужу – 20 гадоў. Ён прыехаў аж з Казахстана да брата ў Сакалішча ў госці і застаўся тут назаўсёды, а яна – мясцовая дзяўчына. Спадабаліся адзін другому адразу, хутка і вяселле згулялі. Жылі дружна, адзін аднаго падтрымлівалі.
– А як інакш? Калі хочаш быць разам, то павінен саступаць. Так мы і робім,–разважае гаспадыня.
Калі муж застаўся без працы, вырашылі ўзяць на выхаванне прыёмных дзяцей. Першым прынялі ў сям’ю хлопчыка Дзіму, якога выхоўвалі на працягу трох гадоў, а потым выпусцілі ў дарослае жыццё. Потым аддзел адукацыі прапанаваў новых дзетак – Алену і Стаса Блажэвічаў. На той момант Алег Іванавіч уладкаваўся на працу рабочым у КУСГП «Сокал». Сям’і выдзелілі добраўпарадкаваны дом і Кілепавы пераехала з вёскі Машніца ў аграгарадок Сакалішча. А жонка па стане здароўя не магла больш выконваць абавязкі свінавода ў падсобнай гаспадарцы ААТ “Нафтан”, таму на сямейнай нарадзе вырашылі, што цяпер яна пойдзе на працу ў ад-дзел адукацыі.
Прыёмныя дзеці па ўзросце блізкія да Улада і Святланы, адсюль і агульныя інтарэсы. Алена сябравала са Святланай яшчэ да таго, як трапіла ў сям’ю Кілепавых. Прыжыўся тут і Стасік. Дзеці – сапраўдныя памочнікі бацькоў. У хлопцаў абавязак – прынесці дроў, пачысціць снег на вуліцы. Дзяўчынкі дапамагаюць з уборкай і гатаваннем ежы. Улетку таксама працы хапае – нарыхтоўка сена для каровы, праполка градак. Дапамагаюць дзеці і ў доглядзе хатняй жывёлы: каровы, свіней, курэй. Старэйшы Уладзіслаў вучыцца ў горадзе на электраманцёра і бацькоўская навука – быць добрым працаўніком і памочнікам – яму спатрэбілася пад час дапамогі сельгаспрадрыемству імя Азіна, што на Полаччыне. Хлопец так выдатна паказаў сябе ў час уборкі лёну, што быў адзначаны падарунам – мікрахвалевай печчу, якую адразу прывёз у бацькоўскі дом.
Але аб’ядноўвае Кілепавых не толькі праца. Так, хлопцы разам з бацькам яшчэ і захапленні маюць аднолькавыя. Сярод іх, так званая камп’ютарная онлайн-гульня, якую стварылі беларускія распрацоўшчыкі, і ва ўсім свеце яна прызнана лепшай гульнёй у танкі. Дык вось, аматары гэтай гульні, назва якой з англійскай мовы перакладаецца “У свеце танкаў”, ужо каторы год бяруць удзел у конкурсе па стварэнні разнастайных мадэляў ваенных танкаў. Сёлета геймерам прапануецца зрабіць мадэль танка са снегу. І вось Улад і Стас разам з бацькам вылепілі танк у натуральную велічыню, у які нават можна размясціць аднаго члена экіпажа. Працу мужчынская частка сям’і Кілепавых правяла вялізную – танк стаяў нібы сапраўдны, пакуль не прыйшло цяпло, і ён не стаў патроху разбурацца пад сонечнымі праменнямі. Але фота для конкурсу паспелі зрабіць, роўна як і экскурсіі для дашкалят і малодшых школьнікаў правесці. Цяпер хлопцы чакаюць падвядзення вынікаў конкурсу – прыз за перамогу сур’ёзны – ноўтбук за 1-е месца і 100 гульнёвых балаў, але не адмовяцца яны і ад другога месца, дзе падарункам з’яўляецца планшэтны камп’ютар і 80 гульнёвых балаў!

Вольга Уладзіміраўна з усмешкай распавядала пра мары сыноў і жадала ім поспеху, але думкі яе больш заняты хуткімі зменамі. На наступным тыдні ў сям’ю на выхаванне прыедуць яшчэ трое дзяцей – яны таксама родныя сястрычкі і брацік. У доме ўжо прыгатаваны для іх месцы. Мацярынскае сэрца турбуецца, каб усё атрымалася.
–Як бы там ні было, але дзецям складана ў чужой сям’і. Я гэта разумею і імкнуся зрабіць неабходнае, каб усім было камфортна і ўтульна. З дзецьмі цярплівасць патрэбна, і пяшчота. Спадзяюся, што ў нас усё будзе добра, – з хваляваннем кажа прыёмная маці.