«Паважаныя расонцы, – звярнуўся да сабраўшыхся перад уваходам у Гандлёвы цэнтр старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Шубскі. – Уся гэта прыгажосць і зручнасць– для вас. Карыстайцеся благамі цы-вілізацыі і адчувайце сябе сапраўднымі гараджанамі, не забываючыся гаварыць добрыя словы ў адрас тых, хто пастараўся для вас: старшыні праўлення райпа Людмілы Аляксандраўны Печкуровай і яе падначаленых, намесніка старшыні райвыканкама па эканоміцы Аляксандра Георгіевіча Капшуля.
Гэты Гандлёвы цэнтр – шыкоўны восеньскі падарунак насельніцтву гарадскога пасёлка, яшчэ адзін упэўнены крок да нашага з вамі дабрабыту”.
Пад апладысменты расонцаў старшыня райвыканкама перарэзаў ружовую стужку разам з Л. А. Печкуровай на ўваходзе ў Гандлёвы цэнтр, і калектыў новага ўніверсама на чале з Н. І. Грыгор’евай вітаў першых наведвальнікаў.

Сярод іх – дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Г. П. Жаланава, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А. М. Падаляк, старшыня раённага Савета дэпутатаў Г. А. Фёдараў, намеснік старшыні райвыканкама Г. А. Падвіцельская, пракурор раёна С. А. Трошка.
Убачанае, безумоўна, спадабалася ўсім, і на пытанне: «Што больш за іншае ўражвае ў новым універсаме?» першыя пакупнікі, не задумваючыся, адказвалі: “Усё!”. Сапраўды, тут ёсць на што паглядзець і што набыць – былі б грошы ў кішэні! На паліцах прадстаўлены багаты асартымент харчовых і суправаджаючых тавараў паўсядзённага попыту, сувеніры беларускіх вытворцаў.
Радуе разнастайнасць мясной, каўбаснай, рыбнай прадукцыі, разлік за якую выконваецца на асобнай касе праз камп’ютарную сістэму. Таксама ў наяўнасці садавіна, гародніна, свежазамарожаныя грыбы, ягады, кандытарскія вырабы, бакалея, лікёра-гарэлачная прадукцыя, малочныя тавары і іншае. Як кажуць, вочы разбягаюцца.
Аднаго сыру налічылі каля 20 найменняў! Шмат можна гаварыць і пра новае халадзільнае і гандлёвае абсталяванне, новыя падлогу, сцены, столь,сістэму ацяплення, вітражы!
Трэба дадаць, што і першы, і другі паверхі Гандлёвага цэнтра аснашчаны сістэмай відэаназірання. Што тычыцца грошаў, то іх на сённяшні дзень укладзена ў мадэрнізацыю гандлёвага аб’екта звыш мільярда беларускіх рублёў. І гэта не планка.

Бо на чарзе – другі паверх, дзе ў хуткім часе парадуюць расонцаў разнастайнасцю асартымента стэлажы і вітрыны для прамысловых тавараў.
Першым жа пакупніком новага аб’екта гандлю стала шасцікласніца Расонскай школы Маша Мартынава, якой з гэтай нагоды намеснік старшыні праўлення райпа Святлана Арсеньеўна Бельская ўручыла салодкі падарунак – торт «Мімоза» вытворчасці кандытарскага цэха райспажыўтаварыства.