Усё больш расонцаў наведваюць фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзверы якога не зачыняюцца да 22 гадзін вечара. З папаўненнем матэрыяльна-тэхнічнай базы пашыраецца і штат абслугоўваючага персаналу, і колькасць прыхільнікаў здаровага ладу жыцця. Акрамя пракату канькоў, прыналежнасцяў для гульні ў хакей, тут можна арэндаваць для пікнікоў на прыродзе і паходаў палаткі, спальнікі і іншую турыстычную амуніцыю. Шмат жадаючых збіраецца ўвечары, каб паспаборнічаць у більярдзе і ў настольным тэнісе, памерацца сіламі ў армрэслінгу. Другі дзень працуе трэнажорная зала з трэнерам і спартыўным інвентаром для развіцця ўсіх магчымых груп мышц.
Аматараў рухомых гульнёвых відаў спорту чакае вялікая зала з неабходнымі прыстасаваннямі і разметкай. Прыемная навіна для жанчын – працягваецца набор у групы шэйпінга і ўсходняга танца, заняткі якіх пачынаюцца з 1 лютага. Таксама рыхтуюцца пакоі для шахматна-шашачнага клуба, буфета. Пачаў функцыянаваць і масажны кабінет, абсталяваны па сучасных правілах і запатрабаваннях часу.
Вядзецца запіс да маладога спецыяліста-медыка на лячэбны і агульнааздараўляльны масаж, сеансы якога магчыма будзе атрымаць як днём, так і ў вячэрнія часы. У бліжэйшых планах начальніка аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Тадэуша Пальчэўскага, дырэктара ФАКа Сяргея Вэштара – далейшае пашырэнне штата прафесійнымі трэнерамі і адкрыццё адпаведных секцый і клубаў, “запуск” басейна з саўнай.
Выдатна, што для заняткаў спортам на фізкультурна-аздараўленчым комплексе ёсць неабходныя ўмовы – ад абсталяваных залаў да гардэробных, душавых з гарачай вадой, гігіенічных пакояў і ўтульнага хола з тэлевізарам і мяккай мэбляй. А з 1 лютага адміністрацыя ФАКа прымае калектыўныя заяўкі ад арганізацый, прадпрыемстваў, прафсаюзных камітэтаў раёна на набыццё абанементаў для заняткаў спортам.