30 студзеня 2026 года споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння славутага беларускага пісьменніка, грамадскага дзеяча і класіка беларускай літаратуры Івана Пятровіча Шамякіна (1921–2004).

Ваеннае мінулае
Сын лесніка з вёскі Карма ў Гомельскай вобласці прайшоў Вялікую Айчынную вайну, удзельнічаў у абароне Мурманска і Берлінскай наступальнай аперацыі. Фронт стаў для яго не толькі школай мужнасці, але і галоўнай крыніцай творчага натхнення.
Ваенная праўда стала падмуркам рамана «Глыбокая плынь», за які атрымаў Сталінскую прэмію.
У яго творах – ваенная гісторыя нашай краіны, бессмяротныя подзвігі простых людзей. Глыбокі псіхалагізм мірнага жыцця стаў візітнай карткай аўтара. Але Шамякін ніколі не жыў толькі мінулым.
Літаратурная спадчына
«Трывожнае шчасце», «Сэрца на далоні», «Атланты і карыятыды» – гэтыя творы не проста ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры, але і атрымалі шырокае прызнанне за межамі Беларусі.
За 60 гадоў творчай дзейнасці Іван Шамякін пакінуў багатую літаратурную спадчыну: больш за 12 раманаў, 26 аповесцей, 80 апавяданняў, п’есы, сцэнарыі, публіцыстыка. Яго кнігі, агульны тыраж якіх перавысіў 25 мільёнаў экзэмпляраў, пераклалі на 30 моў. Дзясяткі твораў экранізавалі ці паставілі ў тэатрах.
Грамадская дзейнасць
Яго літаратурная дзейнасць ішла поплеч з актыўнай грамадскай працай. Многія гады ён узначальваў Саюз пісьменнікаў БССР, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, а з 1971 па 1985 год – старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. За уклад у культуру і грамадства яго ўдастоілі вышэйшых узнагарод: Герой Сацыялістычнай Працы, Народны пісьменнік БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Помнік – кнігі
Пайшоў з жыцця Іван Пятровіч у 2004 годзе, але яго памяць беражліва захоўваецца: у Мінску, на Усходніх могілках, стаіць яго помнік. У Добрушскім краязнаўчым музеі адноўлены яго працоўны кабінет. Вуліцы, бібліятэкі і нават універсітэт носяць яго імя.
Аднак галоўны помнік Шамякіну – яго кнігі. Праз 105 гадоў яны па-ранейшаму размаўляюць з чытачом на мове праўды, спагады і нязгаснай веры ў чалавека.
Цытаты класіка:
“Адзін дурань можа спытаць такое, што не адкажуць сто разумных ”.
“ Па-мойму, калі ты ўжо ўзяўся пісаць, дык пішы, як Рэмарк...”
“У роспачы крычаць на блізкіх людзей, а не на чужых”.
“Сааўтары – што палюбоўнікі адной жанчыны. Абавязкова счэпяцца”.