– Нават цяжка падлічыць, колькі відаў паслуг рознага кшталту мы прапануем жыхарам аграгарадка, – расказвае начальнік аддзялення Зінаіда Якаўлеўна Пакатава, якая працуе на гэтай адказнай пасадзе ўжо сем гадоў. – З самых апошніх паслуг: выдача па картках заработнай платы работнікам сельгаспрадпрыемства «Сокал», разлік пры дапамозе пераводаў з малаказдатчыкамі, аплата крэдытаў, узятых у найбольш папулярных банкаўскіх установах краіны, аплата за лічбавае тэлебачанне, інтэрнет і іншае.
Па словах Зінаіды Якаўлеўны, з кожным годам патрабаванні, якія прад’яўляюцца да работнікаў паштовай сувязі, узрастаюць. Гэта раней ад чалавека з тоўстай сумкай паштальёна чакалі лістаў, тэлеграм і газет. Цяпер у адной асобе работнікі аддзялення спалучаюць паштальёнаў, бухгалтараў, прадаўцоў. У іх сумках не толькі традыцыйныя газеты і часопісы, а і пенсіі пажылых людзей, што пражываюць у аддаленых вёсках, і прадукты харчавання ад макаронаў і цукру да кавы.
Як і ў любой іншай сферы дзейнасці, у кагосьці выходзіць лепш выконваць свае службовыя абавязкі, для кагосьці больш складана адпавядаць патрабаванням.
Сярод траіх паштальёнаў, што абслугоўваюць жыхароў Сакалішчанскага сельскага Савета, начальнік аддзялення сувязі вызначыла Ніну Іванаўну Шыманоўскую. Да выхаду на заслужаны адпачынак жанчына адпрацавала паштальёнам звыш 10 гадоў. Крыху адпачыла, але калі яе маладая калега пайшла ў дэкрэтны , зноў вярнулася на сваё працоўнае месца.
Цяпер яна абслугоўвае палову жыхароў аграгарадка Сакалішча, а таксама вяскоўцаў з Латышова, Старасекава Двара, Ізабыліна. Умее Ніна Іванаўна знайсці падыход да кожнага! Магчыма, таму і даведзеныя планы жанчына заўсёды перавыконвае.
Стараюцца не адставаць ад больш вопытнай калегі паштальёны Алена Мікалаеўна Сцяпанава і Аксана Іванаўна Гаўрылава. Першая з іх адказвае за ўчастак, у які ўваходзіць частка Сакалішча, вёскі Машніца і Кульнева. За Аксанай Іванаўнай замацаваны Галоўчыцы, Валатоўкі і Канюхова.
Агульнымі намаганнямі калектыў Сакалішчанскага аддзялення паштовай сувязі з’яўляецца адным з лепшых на Расоншчыне. Так, за ліпень 2011 года агульная выручка па аддзяленні склала 4 мільёны 801 тысячу рублёў, што амаль на 4 працэнты больш запланаванага. Асабліва паспяхова работнікі аддзялення прадаюць харчовыя і прамысловыя тавары. За мінулы месяц вяскоўцы ў іх набылі тавараў на 6 мільёнаў 380 тысяч рублёў або на 53 працэнты больш запланаванага.
Нядрэнна сакалішчанскія паштавікі арганізуюць і правядзенне падпісных кампаній. На жнівень 2011 года вяскоўцы выпісалі 511 экзэмпляраў перыядычных выданняў. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца раённая газета. 103 яе прыхільнікі ў жніўні атрымліваюць свежыя раённыя навіны. 59 чалавек выпісваюць і чытаюць «Савецкую Беларусь», 18 – «Народнае слова». Людзі пенсіённага ўзросту цікавяцца такімі выданнямі, як «Сябар пенсіянера» і «Народны доктар».
...Калі я збіралася назад у рэдакцыю, з тоўстай вялікай сумкай спяшалася да вяскоўцаў і Ніна Іванаўна. Каля аддзялення стаяў яе сябар-веласіпед, на якім у гэты дзень і да снегу яна кожную раніцу аб’язджае замацаваны за ёй участак. Жанчына ведае – работа паштальёна патрэбная, бо і цяпер, і сто гадоў назад чалавека з сумкай на плячы заўсёды чакаюць з добрымі весткамі.
На здымку злева напрва: паштальён Н. І. Шыманоўская і загадчык аддзялення З. Я. акатава.