У мінулую пятніцу ў музеі баявой садружнасці з нагоды 25-годдзя ветэранскага руху адбылася ўрачыстая сустрэча актыву ветэранаў нашага раёна. Каб павіншаваць паважаных ветэранаў з круглай датай іх арганізацыі на свята завіталі старшыня райвыканкама А.М. Шубскі, намеснік старшыні Г.А. Падвіцельская, супрацоўнікі аддзелаў ідэалогіі і па справах моладзі райвыканкама, дырэктар ТЦСАН Г.М. Ясінская.У нефармальнай і цёплай атмасферы круглага стала, за кубкам кавы і гарбаты ў сценах музея, дзе ў кожным зале жыве гісторыя нашага краю, праходзіла мерапрыемства, якога чакалі, да якога доўга рыхтаваліся.
Афіцыяльную частку свята адкрыла старшыня Расонскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання Іна Іванаўна Павядайла. Яна сцісла асвяжыла ў памяці прысутных гісторыю арганізацыі, расказала пра яе мэты, назвала самых актыўных былых і сённяшніх членаў арганізацыі.
Асобным радком Іна Іванаўна расказала пра актыўнае грамадскае і культурнае жыццё членаў арганізацыі: традыцыйныя паездкі па памятных мясцінах раёна, а таксама экскурсіі за межы раёна, напрыклад, на Курган Дружбы, на сустрэчы з ветэранамі з расійскіх гарадоў – Цверы і Тарапца, а таксама на фестываль “Славянскі базар”. Напрыканцы старшыня ветэранскай арганізацыі падзякавала раённым ўладам за тое, што так многа робіцца кіраўніцтвам раёна для пажылых і заслужаных жыхароў раёна, і павіншавала ветэранаў са святам.
Самыя шчырыя словы прагучалі з вуснаў старшыні райвыканкама, які павіншаваў ветэранаў з юбілейнай датай, падзякаваў ім за іх самаадданую працу, за перамогу над фашызмам і за самыя найлепшыя ідэалы чалавечнасці, якія нясуць у сваіх паводзінах і ўчынках нашы ветэраны. Аляксандр Мікалаевіч пажадаў пажылым людзям моцнага здароўя, даўгалецця і радасці ад дня сённяшняга, які вельмі адрозніваецца ад іх нялёгкага жыцця.
З самымі лепшымі віншавальнымі прамовамі выступілі намеснік старшыні райвыканкама Галіна Аляксееўна Падвіцельская, ідыёлаг райвыканкама Нона Гена-дзеўна Валынка, дырэктар ТЦСАН Ганна Мікалаеўна Ясінская, начальнік аддзела па справах моладзі Наталля Дзедзінец, дырэктар музея Ніна Мікалаеўна Свяжынская.
Граматы з нагоды 25-годдзя самым актыўным ветэранам уручыў старшыня райвыканкама. Грамату ад абласнога аб’яднання ветэранаў атрымаў калектыў расонскага лясгаса за тое, што ветэраны гэтай арганізацыі заўсёды знаходзяцца пад пільнай увагай сваёй арганізацыі.
Грамату абласной арганізацыі грамадскага аб”яднання ветэранаў атрымала і Надзея Канстанцінаўна Кавалёва з Янкавіч.
Нефармальная частка свята працягнулася канцэртнай праграмай, падрыхтаванай янкавіцкім народным калектывам “Крыніца” і артыстамі клуба Міжкалгасбуда. Спрыялі святочнаму настрою і добрая музыка, і шчырыя словы, і смачны стол з салодкімі прысмакамі (арганізаваны за спонсарскую дапамогу грамадскай арганізаціі “Белая Русь”).
Танцы і песні саміх ветэранаў працягнулі цёплую сустрэчу сяброў, і пажылыя людзі зноў адчулі сябе маладымі і бадзёрымі. Напрыканцы свята з вуснаў пажылых людзей у адрас мясцовай улады і асабіста Аляксандра Шубскага прагучала падзяка за ўсе станоўчыя перамены ў раёне і за ўвагу да ветэранаў.